ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».
У.І.Лемяшонак.
т. 5, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)